АСТРАВЫ́ ДУЛЕ́БЫ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Бялыніцкім і Клічаўскім р-нах Магілёўскай вобл. Засн. ў 1998 для аховы каштоўных прыродных комплексаў, што ўключаюць балотны і лясны масівы, якія выконваюць водаакумуляцыйную ролю для вытокаў каскада рэк. Пл. 26 600 га. Рэльеф — плоская, флювіягляцыяльная раўніна. Глебы дзярнова-падзолістыя (75%), тарфяністыя і тарфяна-балотныя (25%). Вярховыя і пераходныя балоты (Дулебскае і Вялікае) займаюць 11% плошчы, пусткі — 11%, лясы (хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і інш.) — 76%. У флоры 705 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з іх 12 у Чырв. кнізе: цыбуля мядзведжая, купальнік горны, пылкагалоўнік чырвоны, пальчатакарэннік майскі, шпажнік чарапіцавы, касач сібірскі і інш. У фауне 170 відаў наземных пазваночных, у т. л. 38 — млекакормячых, 118 — птушак, 8 — амфібій, 6 — рэптылій, з іх 22 віды ў Чырв. кнізе: барсук, рысь, мядзведзь буры, змеяед, пугач, курапатка белая, журавель шэры, сыч касманогі, рапуха чаротная і інш.
П.І.Лабанок.
т. 18, кн. 1, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)